ХО́ЛА ЭФЕ́КТ,

узнікненне ў правадніку з токам, змешчаным у магн. поле, электрычнага поля (холаўскай рознасці патэнцыялаў), накіраванага перпендыкулярна да шчыльнасці току і знешняга магн. поля. Адкрыты Э.Г.Холам у 1879. Тлумачыцца дзеяннем Лорэнца сілы на паток носьбітаў зараду (электронаў, дзірак, іонаў). Выкарыстоўваецца для вымярэння індукцыі магн. поля, вызначэння знака зараду рухомых носьбітаў зараду і іх канцэнтрацыі.

У магнетыках да звычайнага Х.э. дадаецца ферамагнітны (спантанны, ці анамальны) Х.э., абумоўлены намагнічанасцю правадніка. У двухмерным правадніку (таўшчыня меншая за сярэднюю даўжыню хвалі дэ Бройля электрона) з токам, змешчаным у магутнае магн. поле (калі энергія цыклатроннага руху электрона праводнасці большая за сярэднюю энергію цеплавога руху), назіраецца квантавы Х.э. — адносіны холаўскай рознасці патэнцыялаў да сілы току ступеньчатым чынам залежаць ад велічыні магн. поля і канцэнтрацыі электронаў. Адкрыты ў 1980 К. фон Клітцынгам. Выкарыстоўваецца ў метралогіі для стварэння эталона эл. супраціўлення.

Літ.:

Кучис Е.В. Гальваномагнитные эффекты и методы их исследования. М., 1990;

Клитцинг К. фон. Квантованный эффект Холла: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1;

Штермер Х. Дробный квантовый эффект Холла: Пер. с англ. // Там жа. 2000. Т. 170, № 3.

М.​А.​Паклонскі.

Да арт. Хола эфект. Схема вымярэння холаўскай рознасці электрычных патэнцыялаў UH : 1 — праваднік электрычнасці; 2 — токавыя кантакты; 3 — холаўскія кантакты, J→ — шчыльнасць току, B→ — індукцыя знешняга магнітнага поля (перпендыкулярная плоскасці рысунка).

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)